ЛІТУРГІЯ

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (ККК)

У зямной Літургіі мы як бы прадчуваем нябесную Літургію, якая будзе адбывацца ў святым горадзе Ерузаліме, да якога мы накіроўваемся як пілігрымы, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога як слуга святыні і сапраўднай скініі. Разам з усім войскам нябесных моцаў мы спяваем Богу гімн праслаўлення, з пашанай узгадваем святых і спадзяёмся атрымаць удзел і еднасць з імі, чакаючы Збаўцу, нашага Пана Езуса Хрыста, пакуль Ён не з'явіцца як наша жыццё і пакуль мы не з'явімся з Ім у славе.
Агульныя нормы:

  • Права кіраваць святой Літургіяй належыць выключна касцёльнай уладзе, а менавіта Апостальскай Сталіцы і, згодна з нормамі права, біскупам.

  • Згодна з дадзенай паводле права ўладай, літургічнымі справамі ў вызначаных межах кіруюць таксама розныя законна ўстаноўленыя тэрытарыяльныя канферэнцыі біскупаў.

  • Таму нікому іншаму, нават калі гэта святар, нельга самастойна нічога дадаваць, адымаць ці змяняць у Літургіі.

Літургічнае дзеянне атрымлівае больш годную форму, калі Божае служэнне адбываецца ўрачыста: са спевам, з удзелам асісты і з актыўным удзелам народу.

Канстытуцыя пра святую Літургію «Sacrosanctum Concilium»

Літургія
Вяршыняй Боскай Літургіі з’яўляецца еднасць Слова і падзяка ў Эўхарыстыі
Калі мы з радасцю і жаданнем спяшаемся са знаёмымі і незнаёмымі людзьмі на канцэрт, у кіно, на выставу, у лазню ці на футбол, то чаму ж нам, у дысцыпліне веруючага чалавека, з дасканаласцю Хрыстовага вучня, разумеючы, што няма важкіх прычын прапускаць Імшу, не прыйсці на Літургію ў касцёл з той жа адказнасцю і добрай воляй? Прыйсці, каб пакланіцца Богу, каб пачуць Слова Пана, каб паглыбіцца ў духоўныя даследаванні і насыціць душу, якая прагне ежы і піцця, каб не стаць пустой і не засохнуць. Літургія — гэта тая самая ежа, такая неабходная для духоўнага ўзрастання; гэта гадзіна ўнутранага дыялогу праз малітву і слуханне з Самім Стварыцелем. Гэта момант фармацыі чалавека ў пошуку сэнсу існавання, а менавіта збаўлення. Літургія — там, дзе Слова жыве і дзейнічае, асаблівым чынам праз Сакрамэнты. Вяршыняй Боскай Літургіі з’яўляецца еднасць Слова і падзяка ў Эўхарыстыі. Гэта той неацэнны дар, праз які, прымаючы Цела і Кроў Хрыста, людзі злучаюцца з Богам, Тым, Хто ёсць пачаткам і канцом усяго. Ці магчыма прайсці міма і не зайсці на гэты гасцінец, каб пачуць, адчуць і здзейсніць? Такое пытанне патрабуе адказу: ці накіроўваемся мы да збаўлення, ці да згубы? Вольны чалавек заўсёды мае свабоду выбару... Дык выбіраем.

Усё залежыць ад таго, ці пойдзе чалавек добрай волі да Пана зноў і зноў, каб умацавацца і не закамянець у грахах, ці, аддаючы свой вольны час толькі насычэнню цела праз бясплодны адпачынак, знікне назаўжды, так і не адчуўшы смаку Божага настаўлення праз Слова, у бясконцым подыху Духа Святога з дапамогай Святога Пісання, Традыцыі Касцёла і Настаўніцкага Інстытута. Слова сталася целам, каб кожнаму з нас даць шанец на збаўленне праз новае нараджэнне. Эўхарыстыя — гэта як мацярынскае малако для немаўляці, без якога немагчыма ўзрастаць. І ўзнікае пытанне: ці здольны кожны з нас дапамагчы тым, хто ўзяў на сябе цяжар адказнасці перад Галавой Касцёла, служачы біскупам, прэзбітэрам, дыяканам, місіянерам, катэхетам? А, магчыма, стаць адным з іх? Ці бачым мы, што працы, добрай і адказнай працы, хопіць на ўсіх?

Каб дапамагчы іншым, трэба ўзрастаць самому праз пастаяннае слуханне, чытанне і разважанне Старога і Новага Запавета як адзінага цэлага. Кожны вернік павінен быць гатовы стаць казнадзеем у сваім асяроддзі і не толькі казаць, слухаць і разумець, але і дзейнічаць. Варта ведаць, што Пан Бог, праз Настаўніцкі Касцёл, заклікае прапаведаваць так, каб тлумачэнне Яго Слова ў Гаміліі было зразумелым і простым. Каб казнадзей праз чуласць сэрца і глыбіню ведаў адкрыў людзям Хрыста, кажучы так, каб людзі бачылі Яго, а не толькі прапаведніка. Відавочна, што свята адкрыцця Хрыста павінна быць штодзённым, таму касцёльная супольнасць павінна быць адзінай і непахіснай, каб прапаведнік заахвочваў слухачоў, а слухачы заахвочвалі прапаведніка.

Няхай штотыднёвая нядзельная Імша праз узрастанне Касцёла будзе пераходзіць і на іншыя дні, узмацняючы сваё значэнне на хвалу Нябеснаму Айцу. Той, хто з’яўляецца вестуном Евангелля, бярэ на сябе цяжкае выпрабаванне і дадатковую адказнасць перад Божым людам, бо мае здзяйсняць тое, пра што кажа, і быць прыкладам для іншых, каб тыя, хто слухае, не сказалі: «Кажа, а не робіць!» Разуменне гэтай адказнасці фармуе чалавека дасканалым, што спрыяе ўмацаванню і пашырэнню Касцёльнай супольнасці. Уся супольнасць, не выпускаючы з рук Святое Пісанне і дзякуючы за такі неацэнны дар Усемагутнаму Стварыцелю неба і зямлі, праз сакрамэнт пакаяння і паяднання, праз розныя формы малітваў, сярод якіх асаблівае месца займае Літургія гадзінаў, натхнёныя Духам Святым, павінна ўзрастаць разам да той меры, якая дапаможа зніклым авечкам вярнуцца да калыскі міласэрнасці — непахіснага і адзінага Касцёла.

Няхай шчырасць, трываласць і адказнасць католікаў, ахрышчаных, канфірмаваных і штодзённа ўзрастаючых у веры, натхняе тых, хто заблукаў, выйсці на вузкую, але дакладную і праўдзівую сцежку, якая вядзе да пакаяння і паяднання са Святлом Свету. Літургія — гэта той прытулак, дзе можна абараніцца ад бруднай і бескаштоўнай інфармацыі, якая ў штодзённасці быцця збівае са шляху да збаўлення. І ў цішыні, з пакорай, адчуць сэрцам Слова, якое сталася Целам і пасялілася між намі, схіляючы галаву перад яго высакароднай красой.

Быць часткай Літургіі — гэта добрая справа. Праз чысціню формаў, гукаў, музыкі, жэстаў і поўнае пашаны маўчанне, можна ўзбагаціць сваю душу і ўзняць яе да Бога, каб не прарасці ў зямлю задарма, а ўзвысіцца над ёю, прыносячы плён праз ачышчэнне думак ад бруду, атрымліваючы той супакой, які не дазволіць хаўсу сучаснасці звесці верніка ў бездань грахоў.

Падсумоўваючы нашы разважанні, можна зрабіць выснову, што кожны сумленны чалавек мае неацэнны шанец стаць часткай Літургіі, а кожны сапраўдны хрысціянін мае абавязак знайсці сваё месца ў сучасным Касцёле і не забывацца паглыбляць свае літургічныя веды. Быць тым, хто не стаіць па-за Касцёлам, назіраючы збоку, а тым, на каго Касцёл абапіраецца і хто дапамагае яму ўзрастаць, каб у канцы часоў не поўзаць, а лятаць над зямлёй. Амэн.

(З вамі разважаў вернік Ян Сіні)