Хто такі каталік?
Кажуць, што гэта нейкі дзіўны чалавек… Насамрэч, каталік — гэта той, хто верыць у жыццё пасля смерці і ўпэўнены, што яго несмяротная душа, пасля смерці цела, патрапіць на Божы суд. Устае пытанне: у якім стане будзе душа ў вырашальны час? Ці жыў чалавек па-каталіцку, захоўваючы запаведзі, пакінутыя людзям Богам? Будучы выхаваным па-каталіцку, душа чалавека ўзбагачаецца ўсімі неабходнымі дабротамі і ласкамі дзеля выратавання душы, чалавек умацаваны верай і з чыстым сэрцам, у поўнай пакоры перад Усявышнім, у спакоі, гатовы сустрэцца з вечнасцю.
Цікавае і ў той жа час адказнае пытанне: “Як выхаваць дзіця па-каталіцку?” Зразумела, што прыклад бацькоў у выхаванні дзіцяці па-каталіцку з’яўляецца галоўным і неабходным для развіцця ўнутраннага станаўлення дзіцяці. А момант хросту — гэта пачатак росту і вялікай працы — шматграннай, адказнай, цяжкай, але такой добрай і прыемнай працы. Калі мы кажам: “Не любі Хрыста без Крыжа, не любі Крыж без Хрыста…”, мы, такім чынам, бярэм на сябе абавязацельства не падвесці Стварыцеля ўсяго з нічога праз вучэнне дзіцяці Бога — Хрыста. Не падвесці Тога, Хто даручыў новае жыццё бацькам немаўля.
Тут трэба ўбачыць і палюбіць усім сэрцам Марыю і Юзафа — бацькоў Езуса, якія разумелі, што галоўнае — гэта клопат аб духоўным дабрабыце дзіцяці. Трэба адчуць іх бясконцую любоў у цярпенні і павазе адзін да аднаго, каб перанесці гэта адчуванне ў сучасны свет, праяўляючы разважлівасць у выхаванні дзіцяці ў гэтым адчужаным ад Бога свеце. Трэба размаўляць з сынам ці дачкой на мове Ўсемагутнага, чытаць Слова Божае разам з дзіцем, дзе б і пры якіх абставінах мы не былі. Шукайце адказы на пытанні і ідзіце за руку разам, бясконца падтрымліваючы адзін аднаго і заахвочваючы разважаць над Святым Пісаннем, такім чынам, даючы магчымасць развівацца на карысць узрастанню душы.
Адным з намаганняў бацькоў у выхаванні сапраўднага хрысцьяніна з’яўляецца сумесны паход з дзіцём у Храм — тое месца, дзе дзверы заўсёды адчынены, і ўсіх чакае Збаўца Сусвету, асабліва тых, каму патрэбна дапамога. Няхай гэта будзе катэхеза, штонядзельная абавязковая Імша, дапамога пры алтары пробашчу або ўдзел у якой-небудзь ініцыятыве на падтрымку Касцёла — усё гэта дасць магчымасць дзіцяці атрымаць Божае настаўленне і духоўнае падмацаванне.
Але галоўнае ў выхаванні дзіцяці па-каталіцку — гэта сувязь паміж самімі бацькамі ў коле сям’і, добры ўзор чыстых адносін, які ўбярэ з малаком маці немаўля, дзе няма месца бруду і зману. Дзе бясконцая падтрымка адзін аднаго ламае любыя перашкоды на шляху да збаўлення. Дзе адказнасць, дасканаласць і дысцыпліна не проста словы, якія ператвараюцца ў пусты гук, а пастаянная дзейсная справа праз практыкаванне і выкананне Божых запаведзяў. Дзе малітва, пост і міласціня займаюць асаблівае месца. Сям’я, дзе Вера, Надзея і Любоў праз пакаянне і паяднанне цэментуюць адносіны блізкіх.
Трэба разумець, што гэта ўзаемавыгадная дамова для ўсіх членаў сям’і. Праз развіццё дзіцяткі таксама не іржавеюць адносіны бацькоў, так як яны — прыклад для росту, а не падзення самага дарагога, што ў іх ёсць — іх адлюстравання! І калі яны ішлі па жыцці з добрым намерам, былі той самай хрысціянскай сям’ёй, паклікаўшы дзіця на гэты свет, каб жыць па-каталіцку, то іх адлюстраванне будзе абавязкова яшчэ больш добрасумленным, адказным і дзейсным. Амэн.
(З Вамі разам разважаў вернік Ян Сіні)