Фотагалерэя
Падзея ўсіх падзей у 2024 годзе
1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, у нашым касцёле адбылося асвячэнне абноўленага абраза ў цэнтральным алтары святыні. З нагоды 160-годдзя з часу пабудовы касцёла нашу найстарэйшую каталіцкую парафію ў беларускай сталіцы, гісторыя якой бярэ пачатак з канца XIV стагоддзя, наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Наш пробашч, ксёндз канонік Юрый Санько, разам з удзячнымі, добрымі і ахвярнымі парафіянамі годна працягвае аднаўленне святыні, распачатае яго папярэднікамі: першым пробашчам адроджанай на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя Залатагорскай парафіі, святой памяці ксяндзом Міхалам Сапелем, і яго наступнікам — сённяшнім Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Юрыем Касабуцкім.

На новым алтарным абразе — выява Маці Божай Унебаўзятай са Святой Тройцай у колерах. Ля падножжа Багародзіцы змешчана панарама старога Менска і ваколіц са святынямі розных часоў. Тут адначасова можна ўбачыць і першую святыню на Траецкай гары, і касцёл на Залатой Горцы, а ўдалечыні відаць стромкія вежы касцёла ў старадаўнім мястэчку Ракаў, адкуль паходзіць цудоўны мастак і проста добры чалавек Валяр’ян Янушкевіч.