Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (ККК)
Дзень Пана – як называлася нядзеля з апостальскіх часоў – заўсёды меў асаблівую пашану ў гісторыі Касцёла з прычыны яе цеснай сувязі з самой сутнасцю хрысціянскай таямніцы. У тыднёвым цыкле нядзеля нагадвае пра дзень уваскрасення Хрыста. Гэта Пасха тыдня, падчас якой мы святкуем перамогу Хрыста над грахом і смерцю, а таксама завяршэнне ў Ім справы першага стварэння і пачатак “новага стварэння” (пар. 2 Кар 5, 17). Гэта дзень, калі мы ўдзячна ўзгадваем першы дзень існавання свету, гэта прадказанне “апошняга дня”, якога чакаем з жывою вераю, калі Хрыстус прыйдзе ў славе (пар. Дз 1, 11; 1 Тэс 4, 13–17) і ўсе рэчы адновяцца (пар. Ап 21, 5).
Перад абліччам новых сітуацый і праблем, якія з іх вынікаюць, сёння, напэўна, неабходна нанова адкрыць глыбокія дактрынальныя абгрунтаванні, якія з’яўляюцца падставай касцёльнага наказу, каб усе вернікі разумелі, наколькі вялікай каштоўнасцю ёсць нядзеля ў хрысціянскім жыцці. Імкнучыся да гэтага, мы ідзём следам за старадаўняй традыцыяй Касцёла, якую выразна пацвердзіў Другі Ватыканскі Сабор, навучаючы, што ў нядзелю «хрысціяне павінны збірацца разам, каб слухаць Божае слова і ўдзельнічаць у Эўхарыстыі, каб узгадваць муку, уваскрасенне і славу Езуса Хрыста і дзякаваць Богу, які іх “адарыў жывой надзеяй праз уваскрасенне Езуса Хрыста з мёртвых” (пар. 1 П 1, 3)».
Нядзеля – гэта дзень адпачынку, таму што менавіта гэты дзень Бог “благаславіў” і “асвяціў”, аддзяліўшы яго ад іншых дзён, каб ён быў сярод іх “днём Пана”.
Па сутнасці, у нядзелю хрысціянін больш, чым у які-небудзь іншы дзень, павінен памятаць пра збаўленне, якое было ахвяравана яму праз хрост і дзякуючы якому ён стаў новым чалавекам у Хрысце. «Пахаваныя ў хросце разам з Ім, вы ўваскрэслі таксама ў Ім дзякуючы веры ў дзеянне Бога, які ўваскрасіў Яго з мёртвых» (пар. Клс 2, 12; Рым 6, 4–6). Літургія падкрэслівае гэты характар хросту нядзелі і заклікае да здзяйснення абраду хросту не толькі ў Пасхальную вігілію, але таксама ў гэты дзень тыдня, “калі Касцёл ушаноўвае ўваскрасенне Хрыста”, і прапануе, каб чын пакаяння, што распачынае Імшу, меў форму акраплення асвячанай вадой, якая нагадвае хрост, як момант нараджэння кожнага хрысціянскага жыцця.
«Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). Гэтае абяцанне Хрыста ніколі не перастае гучаць у Касцёле. У ім заключаны сакрэт яго жыццяздольнасці і крыніца яго надзеі. Нядзеля, дзень уваскрасення, з’яўляецца не толькі ўспамінам мінулай падзеі, гэта таксама святкаванне жывой прысутнасці Уваскрослага сярод вернікаў.
Каб гэтая прысутнасць была па-сапраўднаму абвешчана і перажыта, недастаткова, каб вучні Хрыста маліліся індывідуальна і ўшаноўвалі Яго смерць і ўваскрасенне толькі ў сваёй душы, у глыбіні сваіх сэрцаў. Тыя, хто атрымаў ласку хросту, збаўляюцца не паасобку, але, будучы часткаю народа Божага, як члены Містычнага цела. Таму важна, каб яны збіраліся разам і ў поўні выяўлялі самабытнасць Касцёла як ecclesia – сходу, скліканага ўваскрослым Панам, які аддаў сваё жыццё, каб “рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно”.
Нядзельная Эўхарыстыя сваім асаблівым святочным характарам і абавязковым удзелам у ёй усёй супольнасці, а таксама тым, што цэлебруецца “ў дзень, калі Хрыстус перамог смерць і зрабіў нас удзельнікамі свайго вечнага жыцця”, паказвае больш выразна свой эклезіяльны характар і з’яўляецца першапачатковым узорам іншых эўхарыстычных цэлебрацый. Кожная супольнасць, якая збірае сваіх членаў на “ламанне хлеба”, усведамляе, што яна ёсць месцам, дзе выразна выяўляецца таямніца Касцёла. У гэтай цэлебрацыі супольнасць адкрываецца на камунію з паўсюдным Касцёлам, молячы Айца “памятаць пра Касцёл, рассеяны па ўсім свеце”, і дапамагаць яму ўзрастаць у еднасці (усіх вернікаў з Папам і з пастырамі паасобных Касцёлаў), пакуль любоў не стане дасканалай.
З апостальскага ліста Яна Паўла ІІ DIES DOMINI
(З вамі разважаў вернік Ян Сіні)