Гiсторыя парафii
Літоўскі князь Ягайла заснаваў на нашых землях некалькі каталіцкіх святыняў, сярод якіх і святыня ў прадмесці Мінска, якое атрымала назву Траецкая Гара дзякуючы пабудаванаму тут напрыканцы ХІV – напачатку XV ст. фарнаму касцёлу Найсвяцейшай Тройцы.
Першапачаткова касцёл, які знаходзіўся прыблізна там, дзе сёння ўзвышаецца Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, быў драўляным, і на пачатку XVIII ст. быў перабудаваны плябанам Каралем Пётрам Панцэрынскім таксама з дрэва. У жніўні 1809 г. падчас вялікага пажару ў горадзе святыня згарэла, і рэгулярныя набажэнствы для парафіянаў пачалі праводзіцца ў катэдральным касцёле і ў драўлянай капліцы на Залатагорскіх могілках. Паколькі ў 1832 г. на тэрыторыі Расійскай імперыі была забаронена дзейнасць каталіцкіх кляштараў, тагачасны Мінскі біскуп Мацей Ліпскі, каб захаваць дамініканскі касцёл, які знаходзіўся на месцы сённяшняга Палацу Рэспублікі, ператварыў яго ў парафіяльны касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Аднак у 1840 г. былы дамініканскі касцёл, самы высокі будынак у тагачасным Мінску, ўсё ж такі быў зачынены, а набажэнствы для парафіянаў адбываліся ў капліцы на Залатой Горцы, якую вернікі ў 1842 г. адрамантавалі і перарабілі пад касцёл.

Непадалёк ад вёскі Камароўка знаходзіўся самы вялікі ўзгорак у акрузе — Залатая Горка. Існуе некалькі версій паходжання гэтай назвы. Паводле адной з іх — найбольш паэтычнай — назва з'явілася ад залацістага восеньскага лісця кляновага гаю, што шумеў калісьці на Залатой Грцы. Паводле іншай версіі, у гэтых мясцінах нібы знаходзілі шмат залатых скарбаў. Рэлігійнае тлумачэнне паходжання гэтай назвы звязана з тым, што калі ксёндз пасля Імшы абвясціў збор сродкаў на пабудову святыні, людзі склалі на зняты ім арнат цэлую горку залатых манетаў. Гэтыя грошы пайшлі на будаўніцтва касцёла ў гонар святога Роха — абаронцы людзей і жывёлы ад пошасцяў, які напрыканцы XVIII ст. уратаваў жыхароў Мінска ад страшэннай эпідэміі халеры. Менавіта тады, каля 1790 г., на Залатой Горцы з'явіліся могілкі, дзе пазней і была пабудаваная драўляная капліца, у якой вернікі з пашанаю змясцілі цудатворную фігуру святога апекуна, знойдзеную паводле падання ў руінах старадаўняга мінскага касцёла баніфратраў, што калісьці стаяў на Старым Рынку.

На малітву вернікаў склікалі чатыры званы
6 чэрвеня 1861 г. на Залатагорскіх могілках было скончана будаўніцтва новага каменнага касцёла. Відаць, з прычыны рэлігійнага ўціску, узмоцненага пасля паўстання 1863 г., асвячэнне касцёла прайшло без асаблівых урачыстасцяў: 1 лістапада 1864 г. па дэлегацыі біскупа Вайткевіча святыню пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Роха на Залатой Горцы кансэкраваў кс. Валіцкі ў прысутнасці мінскага дэкана кс. Тамашэвіча і парафіянаў. З таго часу парафіяльнае жыццё засяродзілася ў новым касцёле, які цудоўным чынам захаваўся да нашага часу. Найбольшыя ахвяраванні на будаўніцтва гэтай святыні зрабілі Сымон Леановіч, Ігнат Лясковіч і Антаніна Камінская.

Зграбны і суладны, вытрыманы ў неагатычным стылю, будынак меў спічастую двух'ярусную званіцу, маленькія вуглавыя вежы і быў накрыты бляшаным дахам. На малітву вернікаў склікалі чатыры званы: «Браніслава», вагою ў 1 пуд, «Стэфан» — 8 пудоў, «Леанард» — 53 пуды, а таксама звон з надпісам «Року Панскага 1799», вагою ў 80 пудоў. Прыкасцёльны пляц быў абнесены агароджаю з каменнай неагатычнай брамай, якая да нашых дзён не захавалася.

У стылю неаготыкі быў аформлены і касцёльны інтэр'ер.
Пра яго можна атрымаць уяўленне з візітнага апісання святыні 1908 г.:
«Пры галоўным уваходзе справа дзверы вядуць на хоры, а адтуль — на званіцу. Пры ўваходзе справа і злева па адным каменным начынні са св. вадою, пры адной з іх ёсць Укрыжаванне, а пры другой — юбілейны крыж у гатычнай раме. Справа і злева ўсярэдзіне касцёла стаяць пры сценах дзве гатычныя спавядальні. На дзве драўляныя калоны абапіраюцца хоры; пад хорамі вісяць пісаныя алеем на палатне тры партрэты фундатараў касцёла: мужа і жонкі Леановічаў і Бжэзіцкага. Пасярод касцёла ў два рады стаяць лавы для малітвы. Справа пры сцяне — драўляная амбона. Да скляпенняў прымацаваныя чатыры шнуры, на якіх вісяць тры жырандолі і лампада. На сценах прымацаваны два надпісы пра пахаванне Юзэфы Арлоўскай і Стэфаніі Гашынскай. Галоўны, альбо вялікі алтар гатычнае архітэктуры. За алтаром на сцяне вісіць абраз Найсв. Панны Марыі ў металічнай шаце, з Езусам Немаўляткам на руках, якая прыкрываецца выяваю на палатне св. Тройцы. Уверсе пад укрыжаваннем — фігура Езуса Хрыста Назараніна. У алтарнай частцы месцяцца дзве гатычныя лаўкі, а дзве дзверы па баках вядуць да дзвюх сакрыстыяў. Апроч галоўнага алтара ёсць яшчэ тры: справа — св. Роха з драўлянай цудатворнай фігурай гэтага ж святога, па баках ад якой стаяць фігуры арханёлаў — св. Міхала і св. Габрыэля; злева алтар св. Антонія з фігурай гэтага святога і за ёю абраз Хрыста Збаўцы, паабапал стаяць дзве фігуры апосталаў св. Лукі і св. Яна. Леваруч ад уваходу ў касцёл зроблена капліца з алтаром Грабніцы Пана. На сценах вісяць 14 выяваў з мазаікі, ахвяраваныя ў 1905 г. мужам і жонкай Янчэўскімі. Намаганнямі кс. Гашынскага ў 1905 г. зроблены віленскай фірмай Астрамецкага паўстажковыя арганы з двума мануаламі і педаллю, на 18 галасоў, і для адценняў ігры 7 рэгістраў, з гатычнай афарбоўкай».
У парафію Найсвяцейшай Тройцы апроч часткі левабярэжнага Мінска ўваходзіла больш за 200 маёнткаў, фальваркаў і вёсак з ягоных ваколіцаў
У крыпце святыні былі пахаваныя фундатары і дабрадзеі святыні, сярод якіх Сымон і Юзэфа Леановічы, Барбара Сабецкая, Ігнат Лясковіч, Стэфанія Гашынская, а таксама Пацейка, Нарэйка, Марцінкевіч, сям'я Сенчыноўскіх: Эўстафій і Марыя, а магчыма, і іхні сын кс. Фэрдынанд. Касцёлу належалі некалькі будынкаў на тагачасных вуліцах Захар'еўскай і Даўгабродскай, зямельныя пляцы пры вуліцах Захар'еўскай, Валоскай і Татарскай, на Ляхаўцы і Траецкай Гары; а таксама маёнткі пад Мінскам — фальварак Масюкоўшчына і ўрочышча Міхалянка. У парафію Найсвяцейшай Тройцы апроч часткі левабярэжнага Мінска ўваходзіла больш за 200 маёнткаў, фальваркаў і вёсак з ягоных ваколіцаў: на 1908 г. было зарэгістравана амаль 12 тысячаў парафіянаў.
Набажэнствы ў Залатагорскай святыні адбываліся наступным чынам: штодня св. Імша цэлебравалася з раніцы, апоўдні і ўвечары, а ў маі і кастрычніку адбываліся дадатковыя вечаровыя службы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Акрамя звычайных каляндарных святаў, асабліва ўрачыста, з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту, адзначаліся дні Звеставання, Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Найсвяцейшай Тройцы, Цела Пана, Найсвяцейшай Панны Марыі Анёльскай, святога Роха (16 жніўня) і перанясення цудатворнай фігуры святога Роха (1 мая). Паколькі касцёл з цяжкасцю змяшчаў вялікую колькасць вернікаў, напачатку ХХ ст. было зроблена некалькі праектаў пабудовы новага, большага касцёла, аднак яны так ніколі і не ажыццявіліся…

Набажэнствы ў касцёле адбываліся да страшнага 1937 г., калі Залатагорскі касцёл Найсвяцейшай Тройцы быў зачынены, а яго маёмасць разрабавана. Падчас ваеннага ліхалецця згарэў касцёльны дах, і вернікі, што ўдзельнічалі ў адбудове знішчанай беларускай сталіцы, уласнымі намаганнямі аднавілі яго: як ім гэта ўдалося, застаецца толькі здагадавацца. У пасляваенны час былі знішчаныя Залатагорскія могілкі: пра адзін з найстарэйшых і найбольшых мінскіх некропаляў сёння нагадваюць толькі некалькі надмагілляў, якія цудам захаваліся: надпісы на іх на лаціне, па-польску, па-французску…

Будынак касцёла, які выкарыстоўваўся як кнігасховішча, паступова руйнаваўся, але яго нечакана ўратавала… мода на арганныя канцэрты, што так прыйшліся даспадобы савецкай інтэлігенцыі. Беларуская дзяржаўная філармонія спрычынілася да рэстаўрацыі касцёла і з 1982 г. прыстасавала яго пад залу арганнай і камернай музыкі, а з лета 1991 года тут зноў рэгулярна пачалі адбывацца набажэнствы.
Алесь Жлутка, Язэп Янушкевіч, Мікола Гракаў