Назад на галоўную старонку

З мэтай прадухілення эпідэміі

Фота: Андрэй Ганчар

Рада Каталіцкіх Біскупаў у Беларусіі рэкамендуе наступнае:

1. Дыяцэзіяльным біскупам удзяліць дыспенсу ад абавязку ўдзелу ў нядзельнай і святочнай Імшы вернікам старэйшага ўзросту, асобам з сімптомамі хваробы, дзецям і школьнай моладзі, а таксама асобам, якія імі апякуюцца, і тым, хто адчувае страх заражэння.

2. Адначасова, калі дазваляе стан здароўя і не перашкаджаюць іншыя важныя прычыны, напрыклад, абавязковая праца ці хвароба, прымаць удзел у нядзельных і святочных Імшах і іншых, асабліва велікапосных, набажэнствах.

3. Тых, хто карыстаецца дыспенсай або з важнай прычыны ці па стану здароўя не можа фізічна ўдзельнічаць у святой Імшы, далучацца да яе з дапамогаю радыётрансляцыі з мінскага архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі па нядзелях на першай праграме Беларускага радыё, а таксама відэатрансляцыі на інтэрнэт-партале Catholic.by

4. Пры немагчымасці ўдзелу ў св. Імшы маліцца дома і прымаць духоўную св. Камунію. Святарам неабходна растлумачыць вернікам, як гэта можна зрабіць.

5. Кожны дзень у сем’ях ці асабіста ў гадзіну Божай Міласэрнасці ў 15.00 маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці, і (або) у 20.30 святы Ружанец.

6. Святарам так арганізаваць споведзь у касцёлах і месцах, дзе знаходзяцца хворыя і інваліды.

7. Структурам Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas на ўсіх узроўнях аказваць дапамогу патрабуючым, асабліва закранутым хваробай каранавірусу

8. Усім няўхільна выконваць загады і распараджэнні службаў аховы здароўя і грамадскага парадку.

9. Пробашчам парафій, кіраўнікам іншых структур Каталіцкага Касцёла, а таксама манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця разважліва падысці да арганізацыі розных евангелізацыйных, катэхетычных і іншых мерапрыемстваў з пункту гледжання пастырскай неабходнасці іх правядзення падчас эпідэміі і разгледзець магчымасць іх адмены або перанясення на іншы час.

10. Не паддавацца паніцы, якая не з’яўляецца добрым дарадчыкам.

11. Пададзеныя ў гэтым Паведамленні рэкамендацыі абавязковыя да іх адмены.