16 жніўня

Нягледзячы на тое, што пра св. Роха захавалася няшмат дакладных звестак, пачынаючы з XV ст. культ яго як апекуна пры заразных хваробах распаўсюдзіўся ў многіх краінах. У некаторых мясцовас­цях яго залічваюць нават да 14 заступ­нікаў у цяжкіх жыццёвых абставінах.

Рох — з франц. roche («скала») альбо сканд. rokrh («моцны, цвёрды, як скала»). Раней не звярталі ўвагі на дату наро­дзі­наў, большую вартасць надаючы фактам з жыцця святых. Вядома, што жыў гэты святы на пачатку XIV ст. Паходзіў св. Рох з Манпелье — партовага горада ў паўднё­вай Францыі. Яго бацькі былі багатымі і вельмі пабожнымі. Яны доўгі час не мелі дзяцей — свайго адзінага сына, Роха, яны выпрасілі ў Бога пакорнымі малітвамі і праз шчодрую дабрачыннасць. 

 Паводле легенды св. Рох нарадзіўся са знакам крыжа на грудзях. Ён рана стра­ціў бацькоў і застаўся сіратою. Кіруючы­ся евангельскай парадай: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай бедным, і бу­дзеш мець скарб у небе» (гл. Мц 19, 21), малады Рох раздаў усю сваю маёмасць бедным і, як жабрак, з кіем у руках пілігрымам пайшоў у Рым. Аднак не дайшоў да Вечнага горада, бо ў італьянскім мястэчку Аква­пэндэт яго напаткала эпідэмія чумы, і паколькі святы не мог абыякава прайс­ці каля патрабую­чых, ён застаўся тут. Св. Рох вельмі ахвяр­на апекаваўся хво­рымі чумою. Як узна­гароду за такую са­маахвярнасць дзеля бліжніх Бог адарыў святога дарам азда­раў­ляць хворых на чуму, чынячы над імі знак крыжа. Дзя­куючы гэтаму дару св. Рох стаў вельмі папулярным, яго нават пачалі называць святым. Святога «разрывалі на част­кі» і лі­та­раль­на насілі на руках. Гэта не падаба­лася Ро­ху, таму ён уцёк ад славы ў Рым, дзе навед­ваў хрысціянскія святыні і пра­цяг­ваў апекавацца хворымі і беднымі.

Праз тры гады Рох выбраўся на радзі­му, у Францыю, але па дарозе зноў  затры­маў­ся з-за эпідэміі чумы ў П’яцэнзе. На гэты раз св. Рох сам захварэў. Паводле легенды ён не хацеў займаць ложак у шпі­та­лі, таму, знясілены, ляжаў у шалашы за горадам. Сабака прыносіў яму што­дзённа ежу, а калі гаспадар гэтага сабакі знай­шоў хворага ў шалашы, то сам пачаў апе­ка­вацца ім. Калі св. Рох выздаравеў (па­водле некаторых звестак — цудоў­ным чынам, дзякуючы ўмяшальніцтву анё­ла), ён прадоўжыў свой шлях у Францыю, але над Вялікім возерам у Ламбардыі быў арыштаваны памежнымі вартаўніка­мі і зняволены як шпіён. Яго бязлітас­на ка­тавалі падчас допытаў — ніхто не ве­рыў, што Рох з’яўляецца звычайным пілігры­мам. Катаванні і пяць пакутлівых гадоў, праведзеных у халодным падзямеллі, зра­білі сваё — св. Рох цяжка захварэў і памёр. Легенда падае, што ў вязніцы, дзе памёр св. Рох, была знойдзена карт­ка з надпісам: «Той, каго закране зараза і хто будзе пра­сіць паратунку ў св. Роха як у свайго за­ступніка і апекуна, ачуняе».

Толькі пасля смерці справядлівасць узя­ла верх — жыхары роднага горада Ман­пелье забралі цела св. Роха і пахавалі яго ў парафіяльным касцёле. Пазней рэ­лік­віі св. Роха былі перанесены ў Вене­цыю (у 1485 г.), дзе і сёння іх можна бачыць у касцёле, пабудаваным дзеля ўшанавання святога.

Культ св. Роха вельмі хутка распаў­сюдзіўся па ўсёй Еўропе. Досыць частыя эпідэміі, якія збіралі багатае жніво смерці і спусташалі цэлыя вёскі, па­спрыялі развіццю пашаны да св. Роха як апекуна хворых менавіта пры эпідэмі­ях.

У XV ст. паўсталі брацтвы св. Роха ў Ве­нецыі (1477 г.), у Рыме (1499 г.) і ў іншых мясцовасцях. Папа Аляксандр VI пабудаваў у гонар св. Роха касцёл у Рыме, а папа Пій IV выдзеліў сродкі на заснаванне шпіталю, апеку над якім даверыў брацтву св. Роха. Папа Грыгорый ХІІІ загадаў змясціць імя святога ў Рым­скім мартыралогу, а папа Урбан VIII па­цвердзіў гэтае рашэнне.

Усяго ў гонар гэтага святога ва ўсім свеце пабудавана каля 3 000 касцёлаў і капліц. А ў Італіі можна напаткаць больш за 60 населеных пунктаў з назвай S. Roc­co — Св. Рох. У Германіі ж некалі было вель­мі папулярным пілігрымаваць на га­ру Св. Роха пад Бінген, у 1754 г. тут нават было заснавана брацтва св. Роха.

У нашых славянскіх краінах св. Роха шанавалі найперш як апекуна жывёлы. У дзень св. Роха жыхары збіраліся перад касцёлам і прыводзілі хатнюю жывёлу, каб атрымаць благаславенне святара, якое павінна было забяспечыць жывёле зда­роўе. Св. Рох з’яўляецца апекуном пада­рожнікаў, аптэкараў, урачоў, агароднікаў, шпіталяў, вязняў і хатняй жывёлы; апя­куецца таксама хворымі на чуму, хале­ру, шаленства, пры хваробах ног.

На абразах св. Роха звычайна малююць як маладога пілігрыма з падарожнаю кай­с­­траю альбо як жабрака. Часта на абразах прысутнічае сабака з боханам хлеба ў зу­бах, які карміў хворага святога і залізваў яму раны, альбо хворыя на чуму, якіх св. Рох аздараўляе. Яго атрыбутамі з’яўля­юцца анёл, сабака, торба пілігрыма, картка з надпісам.

У народнай традыцыі дзень св. Роха, 16 жніўня, лічыўся пачаткам восені, таму людзі стараліся абмалаціць да гэтага дня ўсё збожжа, каб яно добра захавалася зімой і каб яго хапіла да новага ўраджаю. У гэты дзень вернікі моляцца за ўсіх хво­рых, а таксама просяць святога Роха ахоўваць хатнюю жывёлу.