Хрысціянства заходняга абраду, якое пазней стала называцца каталіцтвам, з часоў ранняга Сярэднявечча пашыралася на беларускіх землях паралельна з хрысціянствам абраду ўсходняга, пазней названага праваслаўем, што пацвярджаецца шматлікімі дакументальнымі крыніцамі. Значны штуршок распаўсюджванню каталіцтва на тэрыторыі сучаснай Беларусі надаў Вялікі літоўскі князь Ягайла, які праз дынастычны шлюб з польскай каралеўнай Ядзвігай у 1386 г. стаў адначасова каралём Польшчы, паклаўшы пачатак саюзу дзяржаваў, вядомаму ў гісторыі пад назвай Рэчы Паспалітай. Пры Ягайле хрысціліся паводле лацінскага абраду тыя, хто на тэрыторыі ягонай дзяржавы яшчэ захоўваў старыя язычніцкія вераванні. Менавіта Ягайла заснаваў на нашых землях некалькі каталіцкіх святыняў, сярод якіх і святыня ў прадмесці Мінска, якое атрымала назву Траецкая Гара дзякуючы пабудаванаму тут напрыканцы ХІV – напачатку XV ст. фарнаму касцёлу Найсвяцейшай Тройцы.

Першапачаткова касцёл, які знаходзіўся прыблізна там, дзе сёння ўзвышаецца Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, быў драўляным, і на пачатку XVIII ст. быў перабудаваны плябанам Каралем Пётрам Панцэрынскім таксама з дрэва. У жніўні 1809 г. падчас вялікага пажару ў горадзе святыня згарэла, і рэгулярныя набажэнствы для парафіянаў пачалі праводзіцца ў катэдральным касцёле і ў драўлянай капліцы на Залатагорскіх могілках. Паколькі ў 1832 г. на тэрыторыі Расійскай імперыі была забаронена дзейнасць каталіцкіх кляштараў, тагачасны Мінскі біскуп Мацей Ліпскі, каб захаваць дамініканскі касцёл, які знаходзіўся на месцы сённяшняга Палацу Рэспублікі, ператварыў яго ў парафіяльны касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Аднак у 1840 г. былы дамініканскі касцёл, самы высокі будынак у тагачасным Мінску, ўсё ж такі быў зачынены, а набажэнствы для парафіянаў адбываліся ў капліцы на Залатой Горцы, якую вернікі ў 1842 г. адрамантавалі і перарабілі пад касцёл.

Непадалёк ад вёскі Камароўка знаходзіўся самы вялікі ўзгорак у акрузе — Залатая Горка. Існуе некалькі версій паходжання гэтай назвы. Паводле адной з іх — найбольш паэтычнай — назва з’явілася ад залацістага восеньскага лісця кляновага гаю, што шумеў калісьці на Залатой Грцы. Паводле іншай версіі, у гэтых мясцінах нібы знаходзілі шмат залатых скарбаў. Рэлігійнае тлумачэнне паходжання гэтай назвы звязана з тым, што калі ксёндз пасля Імшы абвясціў збор сродкаў на пабудову святыні, людзі склалі на зняты ім арнат цэлую горку залатых манетаў. Гэтыя грошы пайшлі на будаўніцтва касцёла ў гонар святога Роха — абаронцы людзей і жывёлы ад пошасцяў, які напрыканцы XVIII ст. уратаваў жыхароў Мінска ад страшэннай эпідэміі халеры. Менавіта тады, каля 1790 г., на Залатой Горцы з’явіліся могілкі, дзе пазней і была пабудаваная драўляная капліца, у якой вернікі з пашанаю змясцілі цудатворную фігуру святога апекуна, знойдзеную паводле падання ў руінах старадаўняга мінскага касцёла баніфратраў, што калісьці стаяў на Старым Рынку.

6 чэрвеня 1861 г. на Залатагорскіх могілках было скончана будаўніцтва новага каменнага касцёла. Відаць, з прычыны рэлігійнага ўціску, узмоцненага пасля паўстання 1863 г., асвячэнне касцёла прайшло без асаблівых урачыстасцяў: 1 лістапада 1864 г. па дэлегацыі біскупа Вайткевіча святыню пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Роха на Залатой Горцы кансэкраваў кс. Валіцкі ў прысутнасці мінскага дэкана кс. Тамашэвіча і парафіянаў. З таго часу парафіяльнае жыццё засяродзілася ў новым касцёле, які цудоўным чынам захаваўся да нашага часу. Найбольшыя ахвяраванні на будаўніцтва гэтай святыні зрабілі Сымон Леановіч, Ігнат Лясковіч і Антаніна Камінская.

Зграбны і суладны, вытрыманы ў неагатычным стылю, будынак меў спічастую двух’ярусную званіцу, маленькія вуглавыя вежы і быў накрыты бляшаным дахам. На малітву вернікаў склікалі чатыры званы: «Браніслава», вагою ў 1 пуд, «Стэфан» — 8 пудоў, «Леанард» — 53 пуды, а таксама звон з надпісам «Року Панскага 1799», вагою ў 80 пудоў. Прыкасцёльны пляц быў абнесены агароджаю з каменнай неагатычнай брамай, якая да нашых дзён не захавалася.

У стылю неаготыкі быў аформлены і касцёльны інтэр’ер. Пра яго можна атрымаць уяўленне з візітнага апісання святыні 1908 г.: «Пры галоўным уваходзе справа дзверы вядуць на хоры, а адтуль — на званіцу. Пры ўваходзе справа і злева па адным каменным начынні са св. вадою, пры адной з іх ёсць Укрыжаванне, а пры другой — юбілейны крыж у гатычнай раме. Справа і злева ўсярэдзіне касцёла стаяць пры сценах дзве гатычныя спавядальні. На дзве драўляныя калоны абапіраюцца хоры; пад хорамі вісяць пісаныя алеем на палатне тры партрэты фундатараў касцёла: мужа і жонкі Леановічаў і Бжэзіцкага. Пасярод касцёла ў два рады стаяць лавы для малітвы. Справа пры сцяне — драўляная амбона. Да скляпенняў прымацаваныя чатыры шнуры, на якіх вісяць тры жырандолі і лампада. На сценах прымацаваны два надпісы пра пахаванне Юзэфы Арлоўскай і Стэфаніі Гашынскай. Галоўны, альбо вялікі алтар гатычнае архітэктуры. За алтаром на сцяне вісіць абраз Найсв. Панны Марыі ў металічнай шаце, з Езусам Немаўляткам на руках, якая прыкрываецца выяваю на палатне св. Тройцы. Уверсе пад укрыжаваннем — фігура Езуса Хрыста Назараніна. У алтарнай частцы месцяцца дзве гатычныя лаўкі, а дзве дзверы па баках вядуць да дзвюх сакрыстыяў. Апроч галоўнага алтара ёсць яшчэ тры: справа — св. Роха з драўлянай цудатворнай фігурай гэтага ж святога, па баках ад якой стаяць фігуры арханёлаў — св. Міхала і св. Габрыэля; злева алтар св. Антонія з фігурай гэтага святога і за ёю абраз Хрыста Збаўцы, паабапал стаяць дзве фігуры апосталаў св. Лукі і св. Яна. Леваруч ад уваходу ў касцёл зроблена капліца з алтаром Грабніцы Пана. На сценах вісяць 14 выяваў з мазаікі, ахвяраваныя ў 1905 г. мужам і жонкай Янчэўскімі. Намаганнямі кс. Гашынскага ў 1905 г. зроблены віленскай фірмай Астрамецкага паўстажковыя арганы з двума мануаламі і педаллю, на 18 галасоў, і для адценняў ігры 7 рэгістраў, з гатычнай афарбоўкай».

У крыпце святыні былі пахаваныя фундатары і дабрадзеі святыні, сярод якіх Сымон і Юзэфа Леановічы, Барбара Сабецкая, Ігнат Лясковіч, Стэфанія Гашынская, а таксама Пацейка, Нарэйка, Марцінкевіч, сям’я Сенчыноўскіх: Эўстафій і Марыя, а магчыма, і іхні сын кс. Фэрдынанд. Касцёлу належалі некалькі будынкаў на тагачасных вуліцах Захар’еўскай і Даўгабродскай, зямельныя пляцы пры вуліцах Захар’еўскай, Валоскай і Татарскай, на Ляхаўцы і Траецкай Гары; а таксама маёнткі пад Мінскам — фальварак Масюкоўшчына і ўрочышча Міхалянка. У парафію Найсвяцейшай Тройцы апроч часткі левабярэжнага Мінска ўваходзіла больш за 200 маёнткаў, фальваркаў і вёсак з ягоных ваколіцаў: на 1908 г. было зарэгістравана амаль 12 тысячаў парафіянаў.

Набажэнствы ў Залатагорскай святыні адбываліся наступным чынам: штодня св. Імша цэлебравалася з раніцы, апоўдні і ўвечары, а ў маі і кастрычніку адбываліся дадатковыя вечаровыя службы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Акрамя звычайных каляндарных святаў, асабліва ўрачыста, з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту, адзначаліся дні Звеставання, Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Найсвяцейшай Тройцы, Цела Пана, Найсвяцейшай Панны Марыі Анёльскай, святога Роха (16 жніўня) і перанясення цудатворнай фігуры святога Роха (1 мая). Паколькі касцёл з цяжкасцю змяшчаў вялікую колькасць вернікаў, напачатку ХХ ст. было зроблена некалькі праектаў пабудовы новага, большага касцёла, аднак яны так ніколі і не ажыццявіліся…

Набажэнствы ў касцёле адбываліся да страшнага 1937 г., калі Залатагорскі касцёл Найсвяцейшай Тройцы быў зачынены, а яго маёмасць разрабавана. Падчас ваеннага ліхалецця згарэў касцёльны дах, і вернікі, што ўдзельнічалі ў адбудове знішчанай беларускай сталіцы, уласнымі намаганнямі аднавілі яго: як ім гэта ўдалося, застаецца толькі здагадавацца. У пасляваенны час былі знішчаныя Залатагорскія могілкі: пра адзін з найстарэйшых і найбольшых мінскіх некропаляў сёння нагадваюць толькі некалькі надмагілляў, якія цудам захаваліся: надпісы на іх на лаціне, па-польску, па-французску…

Будынак касцёла, які выкарыстоўваўся як кнігасховішча, паступова руйнаваўся, але яго нечакана ўратавала… мода на арганныя канцэрты, што так прыйшліся даспадобы савецкай інтэлігенцыі. Беларуская дзяржаўная філармонія спрычынілася да рэстаўрацыі касцёла і з 1982 г. прыстасавала яго пад залу арганнай і камернай музыкі, а з лета 1991 года тут зноў рэгулярна пачалі адбывацца набажэнствы.

Алесь Жлутка,
Язэп Янушкевіч,
Мікола Гракаў