Улетку 1991 года была адноўлена парафія Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха), і ў касцёле на Залатой Горцы па дамоўленасці з філармоніяй, якой належаў будынак, зноў пачалі адбывацца набажэнствы. Іх праводзіў самы малады ў той час каталіцкі святар на Беларусі ксёндз Міхал Сапель, ураджэнец Браслава, выпускнік Рыжскай духоўнай семінарыі. Менавіта яму арцыбіскуп Казімір Свёнтэк даручыў тады душпастырскую апеку над мінскімі католікамі, якія жадалі маліцца па-беларуску. Справа была даволі няпростаю, паколькі яшчэ не існавала перакладаў на беларускую мову многіх літургічных тэкстаў. Для цэлебрацыі святой Імшы выкарыстоўваліся пераважна пераклады ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, тагачаснага пробашча парафіі ў Вішневе, першага перакладчыка адноўленых Другім Ватыканскім Саборам літургічных тэкстаў на беларускую мову.

Вельмі хутка на Залатой Горцы ўтварыўся своеасаблівы асяродак беларускай каталіцкай інтэлігенцыі, з’явілася моладзь, студэнты, якія жадалі маліцца на роднай мове і былі гатовыя прысвяціць гэтаму свой малады запал і намаганні. Таму невыпадкова першы пробашч адроджанай залатагорскай парфіі ксёндз Міхал Сапель быў прызначаны старшынёй камісіі па перакладзе літургічных тэкстаў, і праца закіпела… Менавіта тут, у касцёле на Залатой Горцы, намаганнямі выдатнага знаўцы класічных моваў Алеся Жлуткі і маладога перакладчыка Міколы Гракава быў падрыхтаваны пераклад на беларускую мову Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі, афіцыйна зацверджаны ў 2004 годзе.

Акрамя таго, ў асяроддзі вернікаў залатагорскай парафіі, якія аднавілі дзейнасць Беларускай каталіцкай грамады, зноў пачаў выдавацца першы ў сучаснай гісторыі Касцёла на Беларусі каталіцкі часопіс на беларускай мове «Хрысціянская думка», які цяпер ужо можна назваць «дзядулем» сённяшняй беларускай каталіцкай прэсы. А адзін з першых залатагорскіх міністрантаў Валянцін Шаўрук стварыў першы каталіцкі сайт на беларускай мове — папярэднік сённяшняга партала Catholic.by.

На працягу ажно пятнаццаці гадоў працягвалася суіснаванне ў залатагорскім касцёле і парафіі, і залы камернай музыкі Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Разам з тым паступова на сродкі вернікаў касцёлу вярталася аблічча святыні: спачатку з’явіліся стацыі Крыжовага шляху, потым — фігура Марыі ў левым бакавым алтары, вялікае ўкрыжаванне ў цэнтры над алтаром, і, нарэшце, адноўленая ў бронзе фігура святога Роха. Як і яе старажытная папярэдніца, сярод мінскіх вернікаў фігура лічыцца цудатворнай: воты ў знак падзякі за аздараўленне з’явіліся каля яе амаль адразу. Аўтарам гэтых сапраўды ўзнёслых твораў сакральнага мастацтва, таксама як і крыжа пры ўваходзе ў касцёл, і барэльефа Святой Тройцы над канфесіяналам, і памятнага знаку пры ўваходзе на даўнія Залатагорскія могілкі, з’яўляецца залатагорскі парафіянін, славуты беларускі скульптар Валяр’ян Янушкевіч. А партрэты беларускіх іерархаў у сакрыстыі і абраз святой Цэцыліі, апякункі касцёльных музыкаў, змешчаны на хорах, з’яўляюцца творамі маладога таленавітага беларускага мастака і таксама залатагорскага парафіяніна Уладзіміра Кандрусевіча.

Адроджаная залатагорская парафія стала значным цэнтрам адраджэння беларускай касцёльнай музыкі. Першым арганістам, які пачаў тут іграць на Імшы, быў Уладзімір Неўдах, сёння — галоўны арганіст мінскага архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, дацэнт Беларускай акадэміі музыкі, загадчык кафедры аргана, настаўнік многіх касцёльных (і не толькі) арганістаў. У 1991 годзе з парафіяльнай моладзі ўзнік хор «Залатая Горка», які стаў лаўрэатам I Міжнароднага фестывалю хрысціянскай духоўнай музыкі «Магутны Божа», пабываў з канцэртамі у Польшчы і Аўстрыі, рэгулярна выступае ў Беларусі, а ў нядзелі і ўрачыстасці ўпрыгожвае сваім спевам набажэнствы ў касцёле. З прыходам ў 1998 годзе новага мастацкага кіраўніка хору Святланы Шэйпы рэпертуар калектыва, багаты на старадаўнюю беларускую духоўную музыку, папоўніўся ўнікальнымі творамі беларускіх кампазітараў ХІХ стагоддзя — Э. Гірдо, С. Манюшкі, І. Глінскага і іншых. У 2001 годзе хор запісаў свой першы кампакт-дыск з каляднымі спевамі «Святая ноч». Рэпертуар беларускіх касцёльных спеваў узбагацілі сваімі выдатнымі творамі таксама залатагорскія арганісты музыказнаўца і даследчык старадаўняй беларускай музыкі Святлена Немагай і кампазітары Віктар Кісцень і Вольга Паўлоўская. Пры залатагорскім касцёле ўтварылася музычнае таварыства «Ліра», якое рэгулярна праводзіла тут музычныя фестывалі «Залатагорская ліра» і «Калядныя вечары на Залатой Горцы», у якіх бралі ўдзел як прафесійныя, так і самадзейныя калектывы і выканаўцы з Беларусі і з-за мяжы.

Магчыма, дзякуючы шматлікім цудам аздараўлення праз заступніцтва святога Роха, сярод залатагорскіх парафіянаў заўсёды было нямала медыкаў. Нездарма ўжо шмат гадоў запар менавіта тут традыцыйна праходзяць калядныя сустрэчы арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча з медыцынскімі работнікамі.

З самага пачатку аднаўлення дзейнасці парафіі вернікі дамагаліся поўнага вяртання сваёй святыні. Асаблівую актыўнасць праяўляла ў гэтай справе парафіяльная моладзь, якой клапатліва апекаваліся сёстры з кангрэгацыі Сясцёр святога Дамініка. Першыя сёстры, якія з’явіліся на Залатой Горцы, прыехалі з Польшчы, але сваё сэрца і сілы яны прысвяцілі служэнню беларускім вернікам. Насенне, якое тыя першыя сёстры, перадусім сястра Анатоля (Рэната Зеліньска), пасеялі ў маладых душах, дало шчодры плён: сёння кангрэгацыя Сясцёр святога Дамініка складаецца цалкам з мясцовых сясцёр і з’яўляецца адной з самых шматлікіх каталіцкіх жаночых манаскіх супольнасцяў на Беларусі.

Кожную сераду парафіяльная моладзь праводзіла адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой малілася аб вяртанні залатагорскай святыні, а адпаведная малітва стала неадменным дадаткам да набажэнства да святога Роха. І вось, нарэшце, малітвы былі выслуханыя, а просьбы вернікаў пачутыя: 5 ліпеня 2006 года завяршыліся ўсе фармальнасці, звязаныя з перадачай касцёла парафіі. Сёння тут рэдка праходзяць канцэрты, затое штодзённа цэлебруецца святая Імша і ўдзяляюцца сакрамэнты: хросту, сужэнства… Годна падрыхтавацца да іх прыняцця новым пакаленням вернікаў дапамагае сястра Трэцяга ордэна святога Францішка Тэрэза Складоўская, настаўніца на пенсіі, нястомная і надзвычай сціплая працаўніца на ніве Пана.

Духоўнае жыццё адроджанай парафіі заўсёды было багатым і насычаным. Менавіта тут многія маладыя людзі пачулі голас Хрыста і пайшлі за гэтым голасам паклікання. З прадстаўнікоў беларускага каталіцкага духавенства з залатагорскай парафіі паходзяць кс. канонік Аляксандр Чайкоўскі, пробашч парафіі ў Наваполацку, ксёндз Юрый Быкаў, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў магілёўскай конкатэдры, ксёндз Анатоль Парахневіч, пробашч у Альковічах, ксёндз Канстанцін Карака, пробашч у Глуску, ксёндз Алег Жураўскі, салезіянін, айцец Аляксандр Улас, францішканін. З залатагорскай парафіяй непарыўна звязана жыццё і служэнне дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага, які з 2006 па 2013 год з’яўляўся яе пробашчам, а таксама Віцебскага біскупа Алега Буткевіча, які ў студэнцікя гады падчас свайго навучання ў Мінску служыў тут як міністрант.

Новая старонка парафіяльнага жыцця была разгорнута з прызначэннем у 2014 годзе залатагорскім пробашчам маладога святара Юрыя Санько, ураджэнца старажытнага Нясвіжа. Менаваіта яму арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч даручыў адказнае заданне ўзначаліць самую старажытную і заўсёды маладую мінскую парфію. Пад яго кіраўніцтвам старанна захоўваючы традыцыі і з адвагай імкнучыся ў будучыню, адзначае сёння гэтая супольнасць са шматвяковай гісторыяй трэці залаты юбілей сваёй невялікай утульнай святыні на Залатой Горцы. Ад яе бялюткіх сценаў ва ўрачыстасць Божага Цела штогод распачынаецца эўхарыстычная працэсія, што ідзе вуліцамі беларускай сталіцы, несучы яе жыхарам самога Хрыста, які асаблівым чынам узлюбіў гэтае дзівоснае і прыгожае месца, непаўторны куточак старога Мінска, што стаіўся ў зацішным дворыку побач з праспектам Незалежнасці — галоўнай камунікацыйнай артэрыяй мітуслівага і шумнага сучаснага мегаполіса...