Адно з галоўных упрыгажэнняў кожнага касцёла сёння - гэта батлейка, яслі - прайграванне сцэны Нараджэння Хрыстовага з выкарыстаннем фігурак Хрыста, Дзевы Марыі і іншых персанажаў. У кожным храме імкнуцца прыдумаць сваю мастацкую кампазіцыю, але далей за ўсіх сёлета пайшоў касцёл Святога Роха на Залатой Горцы ў Мінску.

 

 

Чатыры цягнікі, перапоўненая машынамі аўтастрада, магазіны, пажарная станцыя і воданапорная вежа, жылы квартал з касцёлам і ўпрыгожанай ёлкай у цэнтры - святочная батлейка выглядае, як сапраўдны мегаполіс, у якім усё рухаецца і зіхаціць ілюмінацыяй.

Больш чым 2000-гадовы хлеў, у якім Марыя з нованароджаным Хрыстом - парафіяне прыхода Святой Тройцы размясцілі на ўзвышшы жывога гарадка 21 стагоддзя.

Гэтым касцёльным эксперыментам тут не проста вырашылі пагуляць у цацкі ці заахвоціць гульнёй дзятву. У інтэрактыўнай стаенкі - вялікая ідэя і духоўны сэнс. Паказаць не старажытны, а сучасны горад Віфлеем ці, можа, нават… Мінск, у якім не абавязкова 2000 гадоў таму, а сёння нараджаецца Хрыстос!

Быць гатовымі прыняць Хрыста сёння - у свае сэрцы, сем'і, у грамадства - тэалагічны сэнс праекта. Яго стваральнікі ўвасобілі ў амаль сотні аб'ектаў, уручную зробленых з драўляных дошак, пластыку, пенапласту, фарбаў. З верасня на лісце фанеры памерам паўтара на два з паловай метры рухомую батлейку будавалі прыхаджане, з якіх толькі двое тэхнічныя спецыялісты, астатнія - аматары.

Электрасхема, якая б надала батлейцы інтэрактыўнасці, была самай складанай часткай працы. Сённяшняму наведвальніку касцёла не відаць, з якім метражом правадоў і колькасцю разетак прыйшлося сутыкнуцца электроншчыку Андрэю Патапейку, каб "ажывіць" гэты святочны гарадок!

Інтэрактыўная батлейка ў касцёле Святога Роха - першая і пакуль адзіная ў Беларусі. У Віцебску ёсць такі макет гарадка з чыгункай, але ён - свецкі, не касцёльны і не мае дачынення да калядных свят.

Уся актава Нараджэння Хрыстовага, якой жывая батлейка будзе радаваць прыхаджан у кутку храма, і потым захаваецца, пяройдзе ў дольны касцёл.