Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

    Некалькі дзён таму позірк усяго свету быў прыцягнуты да нашай краіны. У Мінску адбылася вельмі важная сустрэча ў так званым нармандскім фармаце, мэтай якой было выпрацаваць канкрэтныя шляхі вырашэння канфлікту ва Украіне.

    У сувязі з гэтай сустрэчай з’явілася новая надзея на дыпламатычнае вырашэнне гэтага доўгага канфлікту, які адабраў жыццё і здароўе ў нявінных мірных людзей. Няхай плёнам гэтай сустрэчы будзе жаданы мір, а не толькі кароткая хвіліна перадышкі.

    На парозе Вялікага посту заахвочваем усіх вас, браты і сёстры, да далейшай малітвы ў гэтай такой важнай для нас інтэнцыі. Скіроўваем заклік аб жэстах салідарнасці і падтрымкі для братняга ўкраінскага народа ў гэты асабліва цяжкі для яго час. Прымем дабравольныя велікапосныя абмежаванні ў інтэнцыі жаданага міру і будзем прасіць Пана, каб захаваў свет ад голаду, агню і вайны.

 

Мінск, 18 лютага 2015 г.

Каталіцкія Біскупы Беларусі