На гэтым тыдні ў святой літургіі ўзгадываем:

2 лютага (аўторак): Свята Ахвяраване Пана.
Успамінаецца дзень, калі прынеслі Езуса ў святыню, каб выканаць прадпісанне Старага Запавету. Свята спаткання Хрыста з сваім народам адзначалася ў Ерузаліме з 5 веку, а ў 7 веку было прынята на Захадзе. Гэтым святам акончваюцца урачыстасці, звязаныя з аб’яўленнем свету Слова Уцелаўлёнага.
Згодна са старадаўняй традыцыяй у свята Ахвяравання Пана благаслаўляюцца свечкі, так званыя грамніцы, якія запальваюцца падчас буры (грому) з малітваю аб апецы і абароне.
Св. Імша а 8.00 і 18.30.

 

3 лютага (серада): Успамін Святога Блажэя, біскупа і мучаніка.
Святы Блажэй быў біскупам у Сэдасце, у Арменіі. Пасля цяжкіх мукаў быў забіты прыблізна ў 316 годзе. Ушаноўваецца як патрон у хваробах горла. У дзень святога Блажэя молімся і просім Бога аб здаровым горле і божым выкарыстанні дару голасу. Пасля Імшы адбудзецца благаслаўленне горла.


5 лютага (пятніца): Успамін Святой Агаты, панны і мучаніцы.
Святая Агата (235-251) пасля прыняцця хросту пастанавіла жыць у чыстасці. Паводле падання адмовіла наместніку Сыцыліі, які прасіў яе рукі, чым абудзіла нянавісць і жаданне помсты рымскага намесніка. Прыняла мучаніцкую смерць у Катаніі. Яе культ распаўсюдзіўся ва ўсім Касцёле. У дзень успаміну св. Агаты благаслаўляецца хлеб і вада. У малітве асвячэння прыпамінаецца, што св. Агата з’яўляецца асабліваю заступніцаю і апякункаю у небяспецы пажару.


6 лютага (субота): Успамін Святога Паўла Мікі і паплечнікаў, мучаннікаў.
Святога Паўла Мікі, японскага іезуіта, і яго 25 таварышаў укрыжавалі 5 лютага 1597 года ў Нагасакі. Яны з’яўляюцца прадстаўнікамі ўсіх хрысціянаў Далёкага Ўсходу, якія панеслі смерць за веру.

На гэтым тыдні прыпадае Першы чацверг месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай, Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса і Першая субота месяца – дзень малітваў праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.

Да нашага касцёла можна прыносіць, асвячэную ў мінулым годзе, вярбу каб спаліць яе і прыгатаваць попел, якім будуць пасыпаны нашыя голавы на пачатак Вялікага Посту ў гэтым годзе.

Кожны аўторак у нашым касцёле адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Свае просьбы і ахвяры можна складаць да скарбонкі, якая знаходзіцца пры алтары Маці Божай.

Шчыра дзякую за ўселякую працу, малітву і ахвяры, якімі прычыняецеся да аднаўлення і ўтрымання нашай святыні, няхай міласэрны Бог, шчодра ўзнагародзіць.

У сераду 3 лютага пасля Імшы а 18.30 запрашаю жадаючых дапамагчы прыбраць наш касцёл і прыгатаваць яго да перыяду Вялікага Паста.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх ласкаў Божых.