Дзякую ўсім прысутным за супольную малітву і складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне нашай святыні. Асаблівым чынам дзякую за складзеныя ахвяры на рамонт нашага касцёла. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню. На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

30 лістапада (панядзелак): Свята Святога Андрэя Апостала

Паходзіў з Бэтсаіды (Галілея). Быў братам Сымона-Пятра. Абодва яны былі рыбакамі і жылі ў Капернауме, на беразе Генісарэцкага возера. Згодна з Евангеллем паводле св. Яна, Андрэй спачатку належаў да супольнасці вучняў св. Яна Хрысціцеля, а потым па парадзе свайго настаўніка пайшоў за Езусам, узяўшы з сабою брата. Такім чынам Андрэй стаў першым вучнем Хрыста, і таму ва ўсходняй традыцыі яго называюць «Першазваным». У сінаптычных Евангеллях апісана сцэна паклікання галілейскіх рыбакоў Андрэя і Пятра, якая адбылася пазней на беразе Генісарэцкага возера, пасля чаго браты ўжо не пакідалі Езуса і паўсюль спадарожнічалі яму. Паводле некаторых звестак, пасля смерці і ўваскрасення Месіі Андрэй скіраваўся на місію ў Грэцыю і Турцыю. 

30 лістапада 60 г. у грэцкім горадзе Патрасе ён прыняў мучаніцкую смерць праз укрыжаванне: апостал быў прыбіты да крыжа ў форме літары «Х» — т. зв. крыжа св. Андрэя. У Сярэднявеччы яго рэліквіі трапілі ў Амальфі ў Італіі і там спачываюць у катэдры св. Андрэя да сённяшняга дня, аточаныя вялікай пашанай. Пазней галава святога была перавезена ў Рым, але ў 1964 г. Папа Павел VI вярнуў каштоўную рэліквію ў Патрас. Свята св. Андрэя з’яўляецца важнай датай у народным календары, з якой звязана шмат традыцый (напр., «андрэйкі»). Святы з’яўляецца апекуном рыбакоў, плыўцоў, добрага сужэнства і дзяцей. Яго заступніцтва просяць ад артрыту і сутаргаў.

3 снежня (чацвер): Успамін Святога Францішка Ксаверыя, святара.

Святы Францішак – іспанец, пазнаёміўся ў Парыжу са Святым Ігнацыям Лаёлам, заснавальнікам Таварыства Езуса. Пад яго ўплывам стаў адным з яго гарлівых супрацоўнікаў у новым законе. Быў высланы на місію ў Індыю і навярнуў шматлікія паганскія народы. Потым распачаў Евангелізацыю ў Японіі. Меў намер падацца яшчэ і ў Кітай, але Бог яго паклікаў да вечнасці на гары Санцян каля Кантону 3 снежня 1552 года. Надзвычайная апостальская дзейнасць была плёнам яго глубокага ўнутранага жыцця і вернасці духоўным практыкаванням. Святы Францішак Ксаверый з’яўляецца апекуном каталіцкіх місій. Яго свята прыпамінае абавязак падтрымкі місій малітвай і ахвярай.

6 снежня (нядзеля): Успамін Святога Мікалая, біскупа.

Святы Мікалай быў біскупам Міры ў Малой Азіі ў пачатку IV стагоддзя. Яго культ пашырыўся на Захадзе пасля перанясення рэліквій святога да Бары ў Італіі. У пастырскай дзейнасці ён адзначаўся міласэрнасцю. Бог узнагародзіў яго гарлівасць і любоў дарам здзяйснення цудаў. Легенда кажа, што ноччу Святы Мікалай клаў міласціну ў дамы патрабуючых. Адгэтуль пайшоў звычай адорваць дзяцей падарункамі ў гэта свята.