15 лютага Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі падчас Імшы ў мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы.

 

У гаміліі, разважаючы над чытаннем Евангелля на VI Звычайную нядзелю, якое распавядае аб ачышчэнні Езусам хворага на праказу, арцыпастыр адзначыў: “Езус не пабаяўся дакрануцца да пракажонага, хаця гэта было забаронена ў Старым Запавеце. Дакранаючыся да яго, Езус знаходзіўся ў небяспецы таксама быць абвешчаным нячыстым і пракажоным. Але Ён дакрануўся, каб праз гэта ідэнтыфікавацца з бедным чалавекам і дапамагчы яму, бо Ён стаўся ва ўсім, акрамя граху, падобным да чалавека”.

“Праказа з’яўляецца сімвалам грахоўнай хваробы. Як праказа дэфармуе цела чалавека, падобна і грэх дэфармуе душу, якая замест таго, каб быць святыняю Духа Святога, становіцца месцам прабывання злога духа”, - звярнуў увагу Мітрапаліт.

“Сённяшняе Евангелле заклікае нас верыць у бязмежную Божую міласэрнасць, якая гарантуе нам адпушчэнне нашых грахоў, калі мы аб гэтым просім. Гэта азначае, што Божая міласэрнасць ачышчае нас. Нават калі б нашы грахі былі чырвоныя, як кроў, яны пабялеюць, як снег. Дзякуючы сакрамэнту пакаяння мы ачышчаемся з праказы граху і становімся чыстымі, бо сам Езус праз святара дакранаецца да нас, каб ачысціць”, - патлумачыў іерарх.

“Адна гісторыя распавядае пра пустэльніка, які заўсёды казаў, што мае вельмі шмат спраў і таму вельмі заняты. Людзі дзівіліся гэтаму, бо ён жыў адзін. Аднойчы яны папрасілі яго патлумачыць, чым ён так моцна заняты. Пустэльнік сказаў, што павінен прыручыць двух арлоў і двух ястрабаў, кіраваць шлях двух зайцаў, дагледзець змяю, асядлаць асла і навучыць пакоры льва. «А дзе ж ваш заапарк? Дзе знаходзяцца ўсе гэтыя жывёлы, бо мы не бачым ніводнай?» — пыталіся людзі.

Тады пустэльнік патлумачыў, што два арлы — гэта двое вачэй, дзякуючы якім чалавек можа бачыць прыгажосць свету, але якія таксама схільныя да затрымання позірку на амаральных справах, падобна як арол, які хапае здабычу і ўжо не выпускае яе са сваіх кіпцюроў. Хаця дар зроку з’яўляецца вельмі вялікім, без яго цяжка жыць і ён павінен выкарыстоўвацца для дабра, тым не менш неабходна пакласці нямала высілкаў, каб апанаваць свой позірк так, каб ён не быў прычынай граху.

Два ястрабы — гэтыя драпежныя птушкі — нашы рукі. Яны прызначаны для эфектыўнай дзейнасці чалавека і яго шчасця. Аднак, у той жа час, яны, як ястрабы, часта хапаюць і не адпускаюць, нярэдка паводле прынцыпу: што маё, тое маё, а што тваё — таксама маё, як казаў вядомы персанаж Астап Бэндэр. Таму перад кожным з нас стаіць пытанне, як іх прыручыць чыніць толькі дабро. Два зайцы — гэта нашы ногі, якія могуць ісці як у добрым, так і ў няправільным напрамку. Таму перад чалавекам стаіць заданне кіраваць нашым жыццёвым шляхам паводле Божай волі.

Змяя — гэта наш язык, якога не можа ўтрымаць нават плот з 32 зубоў. Дар мовы вельмі вялікі і прыдатны, але адначасова мы вельмі часта грашым языком. Гэта абмовы, плёткі, сцверджанне няпраўды і г.д. Таму прывучыць язык, каб наша мова адпавядала Божай волі, вельмі цяжка, але да гэтага неабходна імкнуцца. Асёл – гэта наша цела, без якога мы не можам абысціся і якое адначасова становіцца спакусай для іншых. Таму яго неабходна асядлаць, каб выкарыстоўвалася згодна з Божай воляй.

І нарэшце, цар звяроў — леў, якім ёсць наша сэрца. Яно цэнтр нашай сілы, месца мужнасці, шчодрасці і міласэрнасці, але таксама можа быць крыніцай нянавісці і помсты, як у льва. Таму мы павінны клапаціцца аб навяртанні сэрца”, - распавёў Мітрапаліт.